Беларусь вачыма зарубежных вучоных (2 фото)
Васіль Пуцко (Калуга). Праблемы сярэдневяковай мастацкай спадчыны Беларусі
Васіль Пуцко - кандыдат мастацтвазнаўства, намеснік дырэктара Калужскага мастацкага музея. Аўтар прац па гісторыі ўсходнеславянскага мастацтва.
Духоўная культура эпохі сярэдневякоўя была пераважна гарадской, і гэта яскрава выяўляецца ў развіцці мастацтва як візантыйскай, так і заходняй традыцый. У межах Беларусі на працягу стагоддзяў яны сустракаліся, судакраналіся амаль пастаянна, аднак пры гэтым толькі спарадычна ўступалі ва ўзаемадзеянне. Для апошняга былі неабходны пэўныя гістарычныя перадумовы, якія з’явіліся адносна позна - у перыяд развіцця беларускай готыкі. У больш ранні час можна заўважыць толькі пранікненне асобных элементаў і матываў, якія ў цэлым не маглі, натуральна, змяніць агульны візантынізуючы характар мастацтва рэгіёна, пераважна сакральнага.
Асноўныя культурныя арыенціры Смаленскага княства і Полацка-Віцебскай зямлі былі абумоўлены шырокімі палітычнымі і царкоўнымі сувязямі з Кіевам, а праз яго (а часам і непасрэдна) - і з Візантыяй; заходні мастацкі імпарт быў прадстаўлены ў асноўным свецкімі рэчамі (1). Прынамсі, пытанне аб адносным ураўнаважванні візантыйскіх і раманскіх уплываў уяўляецца даволі праблематычным (2). У нейкім сэнсе паралельныя намаганні візантыйскіх і раманскіх місіянераў па распаўсюджванню хрысціянства ў гэтым рэгіёне ні ў якім разе яшчэ не дапускаюць аднолькавых слядоў іх дзейнасці, арэчаўленых у царкоўным будаўніцтве. А менавіта ж яны складаюць аснову мастацкай спадчыны цікавячага нас перыяду, якую дапаўняюць сценапіс, узоры кнігапісання і мастацкіх рамёстваў. І, натуральна, уяўляецца магчымым аналізаваць толькі гэты матэрыял, атрыманы ў асноўным у выніку шматгадовых археалагічных даследаванняў. Таму, вывучаючы канкрэтныя помнікі, даводзіцца хутчэй угадваць дынаміку мастацкага працэсу, зафіксаваную толькі часткова.
Па пісьмовых крыніцах у Беларусі вядома больш за 30 гарадоў, якія ўзніклі або існавалі ў ІХ-ХІІІ стст., аднак вывучэнне іх планавай структуры застаецца справай будучыні (3). Сучасныя ўяўленні аб архітэктурным абліччы нават самых буйных з гэтых гарадоў знаходзяцца ў прамой залежнасці ад вынікаў археалагічнага вывучэння, якія дазваляюць увесці ў навуковы ўжытак новыя матэрыялы, што адлюстроўваюць гістарычныя працэсы, развіццё дойлідства, мастацкіх рамёстваў (4). Такім чынам, на сённяшні дзень гарадская культура з усімі яе праяўленнямі можа быць прадстаўлена калі і не вычарпальна, то ўсё ж даволі шырока і з улікам шматлікіх і разнастайных рэчавых знаходак.
Сістэматызацыя матэрыялу непазбежна павінна была паставіць пытанне аб генэзісе і аб культурным кантэксце. Механізм выкарыстання візантыйскай спадчыны ніяк не прадугледжваў простага перанясення на новую глебу схем і канструкцый, якія атрымалі развіццё на Хрысціянскім Усходзе, без уліку мясцовых матэрыялаў і ўмоў заказу (5). Таму далёкі тыпалагічны ўзор у архітэктуры вызначаў хутчэй агульны напрамак і стылістычную прыроду формаў. У гэтым сэнсе ў адносінах да Тураўскай і Полацкай зямель (таксама як і Беларускага Панямоння) застаецца відавочнай пасрэдніцкая роля Кіева, дзе грэчаскія кадры майстроў пакінулі больш значныя сляды сваёй будаўнічай дзейнасці (6). Як бы там ні было, але к сярэдзіне ХІІ ст. мясцовыя асаблівасці полацкага будаўніцтва (найперш сакральнага) праяўляюцца даволі ярка. Шлях ад засваення да радыкальнай перапрацоўкі візантыйска-кіеўскага ўзору па сутнасці аказаўся гранічна сціслым.
Полацк з’яўляецца адзіным горадам на тэрыторыі Беларусі, у якім найбольш поўна адлюстравалася своеасаблівасць культурнага развіцця цэлага рэгіёна ў перыяд сярэдневякоўя і які на працягу даволі вялікага часу быў аб’ектам археалагічнага даследавання (7). Выключна важнае значэнне мае Полацкі Сафійскі сабор, узведзены ў сярэдзіне ХІ ст., - ён у некалькі спрошчаным выглядзе паўтарае планавую схему Кіеўскай Сафіі (8). Ён быў пабудаваны кіеўскімі майстрамі, і ўжо таму крайне праблематычным выглядае суаднясенне гэтай пабудовы з купальнай трохнэфнай базілікай з трансэптам, перабудаванай пры архіепіскапе Льве (1037-1056) (9). Царква св. Сафіі ў Ахрыдзе ўяўляе сабой тыпова візантыйскую пабудову архаізуючага тыпу, тады як дойлідства Кіеўскай Русі было першапачаткова арыентавана на канстанцінопальскую традыцыю. Паўторна кіеўскія майстры-будаўнікі з’явіліся ў Полацку ў другой чвэрці ХІІ ст. і прымалі ўдзел ва ўзвядзенні Вялікага сабора Бельчыцкага манастыра, пасля якога былі яшчэ пабудаваны храм-усыпальніца ў Ефрасіннеўскім манастыры і царква на Ніжнім замку, а ў 1150-х гг. пабудавана Спаская царква ў Ефрасіннеўскім манастыры майстрам Іаанам, які стварыў зусім новы архітэктурны вобраз стоўпападобнага храма (10). Благавешчанская царква ў Віцебску (1140-я гг.) сведчыць, што і пры наяўнасці сваіх будаўнічых кадраў у Полацкай зямлі працягвалі карыстацца паслугамі прыезджых майстроў, якія, як высвятляецца, узвялі і царкву Барыса і Глеба ў Навагрудку.
У другой палове ХІІ ст. выразна акрэсліваецца і лакальная будаўнічая традыцыя ў Гродне, дзе ў гэты час былі пабудаваны Ніжняя царква ў цэнтры дзяцінца і Барысаглебская царква (больш вядомая як Каложская), а таксама пасадская Прачысценская царква і сцяна на мысу (11). Такім чынам, на працягу ХІІ ст. вызначыліся ўсе рэгіянальныя асаблівасці, што адрознівалі царкоўнае будаўніцтва Полацкай зямлі і Панямоння і маглі паслужыць асновай развіцця архітэктуры Беларусі.
Відаць, іншым было становішча ў манументальным жывапісе, які на сённяшні дзень прадстаўлены толькі фрагментамі фрэсак Сафійскага сабора ў Полацку, а таксама страчанымі сценапісамі Пятніцкай царквы і Вялікага сабора Бельчыцкага манастыра і роспісамі Спаскай царквы ў Ефрасіннеўскім манастыры (яны знаходзяцца зараз у працэсе рэстаўрацыйнага раскрыцця). Для выканання жывапіснага дэкору цэркваў часцей за ўсё запрашалі кваліфікаваных візантыйскіх мастакоў, прычым выключэнні тут былі вельмі рэдкія. Тэзіс аб раннім існаванні ўласных арцелей майстроў-сценапісцаў робіць незразумелым поўнае знікненне фрэсак у перыяды аслаблення або страты сувязей з Візантыяй. Аналізу полацкіх сценапісаў нярэдка папярэднічалі высновы, па сутнасці не суаднесеныя з рэальным становішчам рэчаў. Таму можна зразумець асцярожную і ўзважаную пазіцыю, занятую М. Шчакаціхіным у адносінах да дэталёва даследаваных ім фрэсак Бельчыцкага манастыра (12). Пакуль заўчасна рабіць заключэнні адносна роспісаў Спаскай царквы, хаця іканаграфія і стыль указваюць не толькі на грэчаскіх майстроў, але і на пэўнае кола крыніц (асабліва цыкла сцэн, ілюструючага жыціе Ефрасінні Полацкай). Аднак прыезджым мастакам прыходзілася (як і дойлідам) улічваць мясцовыя ўмовы. У апошнім выпадку гэта выяўлялася ва ўзгадненні жывапісу з архітэктурнымі формамі храма, што заўважна адрознівалася ад уласна візантыйскага. Між іншым, у агульнай сістэме роспісаў няма сур’ёзных разыходжанняў.
Незаменную страту ўяўляе сабой гібель старажытных ікон, якія адсутнічаюць нават у больш позніх спісах, і толькі ў адзінкавых выпадках аб некаторых іканаграфічных абразах можна меркаваць па ўзнаўленнях на свінцовых пячатках (13). Прычым гэтыя выявы мелі яўна візантынізуючы характар.
Падкрэсліванне ролі Візантыі магло б паказацца тэндэнцыйным і неапраўданым, калі б яно не абапіралася на дадзеныя мастацкага імпарту з Полацкай і Тураўскай зямель, а таксама Чорнай Русі (Панямоння) (14). Прычым прадметамі ўвозу з’яўляліся не толькі амфары, але і тонкасценныя шкляныя пасудзіны, распісаныя золатам (часам у спалучэнні з белай, жоўтай ці чырвонай эмаллю), каменныя іконкі і ліцік. Мастацкае рамяство Полацкай зямлі становіцца больш зразумелым менавіта з улікам гэтага фактару (15). Адначасова ўзнікае пытанне і аб мясцовых перайманнях, якія часам даволі моцна нагадваюць творы візантыйскіх майстроў, зробленыя імі ў пачатку ХІІІ ст. на Русі (16). У гэтым кантэксце атрымліваюць сваё вытлумачэнне і "раманскія" рысы асобных узораў каменнай разьбы, стылістычныя паралелі якім можна знайсці ў канстанцінопальскай пластыцы рубяжа ХІІ-ХІІІ стст.
Стылістычныя рысы большай часткі археалагічных знаходак, якія ўяўляюць сабой узоры мастацкага рамяства ХІ-ХІІІ стст. на тэрыторыі Беларусі, вызначаюцца спалучэннем лакальных традыцый дахрысціянскага перыяду і ўздзеяннямі "моды" (пераважна дзякуючы візантыйскаму і кіеўскаму імпарту). У прыватнасці, гэта можна прасачыць у ювелірных упрыгожаннях, па захаваўшыхся рэчах і па каменных ліцейных формах. Зразумела, гаворка не ідзе аб такіх шэдэўрах, як знакаміты твор Лазара Богшы - узвіжальны крыж Ефрасінні Полацкай 1161 г., які адлюстроўвае дасягненні культуры сваёй эпохі. З Кіева ўвозілі і прадметы бронзавага мастацкага ліцця, у асноўным крыжы-энкалпіёны, частка якіх вядома ў капійных адліўках (17). Адзін з энкалпіёнаў візантыйска-кіеўскага тыпу з 1182 г. атрымаў вядомасць як цудадзейная ікона Божай Маці, выява якой знаходзіцца на ніжняй створцы вырабу (18).
Дасягненні любой мастацкай культуры прынята вызначаць па яе элітарных праявах. У дадзеным выпадку яны навідавоку, як і сведчанні цеснай сувязі рэгіёна з буйнымі культурнымі цэнтрамі візантыйскага арэала. Вытанчаныя, індывідуальна выкананыя творы мастацкага рамяства не маглі мець масавага характару, гэтаксама як і архітэктурныя пабудовы са сценапісамі. Таму не варта здзіўляцца малалікасці, скажам, каменных іконак або вырабаў з каштоўных металаў, такіх, як пярсцёнкі. Зусім натуральным з’яўляецца і толькі частковае засваенне гэтых узораў майстрамі, прадукцыя якіх была прызначана для дэмакратычнага асяродка, дзе пераважалі іншыя эстэтычныя густы.
Адзначаныя тэндэнцыі канчаткова аформіліся к пачатку ХІІІ ст. і, здавалася, наперадзе быў час росквіту. Бо менавіта ХІІІ ст. стала часам станаўлення еўрапейскіх нацыянальных культур. Але Усходнюю Еўропу спасцігла мангола-татарскае нашэсце, што прывяло да знікнення мясцовых мастацкіх цэнтраў. У выніку лёс культурнай традыцыі, сфарміраванай на працягу ХІ - першай трэці ХІІІ ст., аказаўся пад пагрозай. Ускосна адбіліся і палітычныя падзеі ў Міжземнамор’і: захоп Канстанцінопаля крыжакамі ў 1204 г. і ўзнікненне на візантыйскай тэрыторыі Лацінскай імперыі спачатку выклікалі з’яўленне ў Кіеве і іншых рускіх землях грэчаскіх майстроў. Аднак іх разрозненыя намаганні аказаліся яўна не раўназначнымі тым імпульсам, якія раней упарадкавана ішлі з Візантыі. Гэтага аказалася дастаткова, каб зламаць толькі што сфарміраваную на мясцовым узроўні традыцыю, якая падпітвалася дасягненнямі буйных цэнтраў, абслугоўваючых сацыяльную і палітычную эліту. І мастацкая спадчына былой эпохі нечакана страціла сваю прыцягальнасць, ператварыўшыся ў свайго роду антыкварыят. Гэты вывад можна пацвердзіць шэрагам канкрэтных прыкладаў.
Новыя павевы выяўляюцца найперш ў дойлідстве. З’яўляюцца высокія каменныя вартавыя вежы тыпу заходнееўрапейскіх данжонаў, такія, як Камянецкі слуп, узведзены майстрам Алексам па волі валынскага князя Уладзіміра Васількавіча паміж 1276-1288 гг. або "стоўп" у Гродне, будаўніцтва якога адзначана ў Іпацьеўскім летапісе пад 1277 г. Пачынаецца ўзвядзенне мураваных замкаў, якое расцягнулася на некалькі стагоддзяў (19). І хаця цэрквы большай часткай захоўваюць традыцыйную планавую схему, аднак ужо на памежжы ХІІІ-ХІV стст. прыкметна мяняецца іх знешні выгляд, як аб тым дазваляюць меркаваць матэрыялы археалагічнага вывучэння Верхняй царквы Старога замка ў Гродне і царквы Навагрудскага замка (20). У гэтым працэсе ўзмацнення ўздзеянняў заходніх мастацкіх стыляў адыграла сваю ролю пранікненне ў рэгіён каталіцызму, што прывяло да ўтварэння ў 1387 г. Віленскай епархіі. Сінтэз старажытнарускіх і гатычных будаўнічых традыцый, як вядома, найбольш ярка выявіўся ў чатырохвежавых храмах Сынкавічаў, Маламажэйкава (Мураванкі) і Супрасля. Адным словам, візантыйска-кіеўская мастацкая спадчына ў яе лакальным варыянце паслядоўна адаптавалася готыкай, а пазней і мастацтвам Рэнесанса (21). Гатычны стыль прасачыўся таксама ў праваслаўныя царкоўныя рэчы, аб чым сведчаць паціры ХV-ХVІ стст. з Петрапаўлаўскай царквы ў Ружанах, Барысаглебскай царквы ў Навагрудку і Слуцкага Троіцкага манастыра, пры гэтым апошні з’яўляецца своеасаблівым укладам князя Юрыя Алелькі ў 1580 г.
Сярэдневяковая мастацкая спадчына найбольш працяглы час магла вызначаць аблічча драўлянага храма. Аднак гэтае палажэнне цяжка праверыць, паколькі, напрыклад, на Палессі вядомы толькі познія сакральныя пабудовы, якія ў значнай ступені ўвабралі ў сябе элементы заходніх стыляў (22). Застаецца, аднак, спадзявацца, што вопыт назапашвання археалагічных дадзеных аб драўляных храмах прывядзе да вынікаў, аналагічных ужо зробленым (23). Тым больш што рэшткі такіх пабудоў ужо выяўлены на мінскім замчышчы і пры раскопках старажытнага Мсціслава (24). Іконы, якія захаваліся ў Беларусі, адносяцца не пазней чым да ХІV-ХV стст. і ў той ці іншай меры адзначаны ўплывамі візантыйскага мастацтва эпохі Палеалогаў, як і ўкраінскі іканапіс перыяду станаўлення нацыянальных традыцый.
У адрозненне ад католікаў, праваслаўнае насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага кожны раз дэкларавала прыхільнасць да ўсяго, што было атрымана ў спадчыну ад Візантыі. У пытаннях веравучэння гэта цалкам адпавядала рэчаіснасці, тады як у плане мастацкага развіцця паспеў адбыцца дастаткова рэзкі паварот у бок Захаду. І, значыць, ідэйная пазіцыя яўна не супадала з рэчаіснасцю, якая аказалася мацней абаяння напаўзабытых старажытнасцей.
Пераклад з рускай мовы Эдуарда Дубянецкага
СПИСОК ЛИТЕРАТУРЫ
(1) Пуцко В. Аб еўрапейскім кантэксце сярэдневяковага мастацтва Беларусі // Беларусіка=Albaruthenica. Мн., 1993. Кн. 1. С. 301-307; яго ж. Культура сярэдневяковай Беларусі паміж Візантыяй і Захадам: Вынікі і праблемы вывучэння // Кантакты і дыялогі. 1997. № 4. С. 3-9.
(2) Ганецкая І. Культура Полацкай зямлі: заходнія і ўсходнія ўплывы // Полацк: Карані нашага радавода. Полацкая зямля як сацыякультурная прастора ўзнікнення і развіцця беларускага этнасу і нацыянальнай дзяржаўнасці. Полацк, 1996. С. 41-44.
(3) Штыхов Г. В. Киев и древние города Белоруссии // Древнерусское государство и славяне / Материалы симпозиума, посвящ. 1500-летию Киева. Минск, 1983. С. 55-57.
(4) Алексеев Л. В. Полоцкая земля в IX-XIII вв. М., 1966; Лысенко П. Ф. Города Туровской земли. Минск, 1974; Гуревич Ф. Д. Древние города Понеманья и южнорусские земли в конце X-XIII вв. // Средневековая Русь. М., 1976. С. 25-29; Штыхов Г. В. Города Полоцкой земли (IX-XIII вв.). Минск, 1978.
(5) Пуцко В. Г. Византия и становление искусства Киевской Руси // Южная Русь и Византия. Киев, 1991. С. 79-99; яго ж. Византийские элементы в истоках культуры русского народа (у друку).
(6) Киев и Западные земли Руси в IX-XIII вв. Минск, 1982; Штыхов Г. В. Киев и города Полоцкой земли. С. 45-80; Лысенко П. Ф. Киев и Туровская земля. С. 81-108; Зверуго Я. Г. Киев и земли Белорусского Понемонья. С. 109-125.
(7) Штыхов Г. В. Древний Полоцк (IX-XIII вв.). Минск, 1975.
(8) Раппопорт П. А. Зодчество Древней Руси. Л., 1986; Комеч А. И. Древнерусское зодчество конца Х - начала ХII в.: Византийское наследие и становление самостоятельной традиции. М., 1987. С. 254-257.
(9) Бошкович Дж. Архитектура средньег века. 4-то изд. Београд, 1976. С. 133-134. Сл. 170, 171.
(10) Раппопорт П. А. Зодчество Древней Руси. С. 80-88.
(11) Трусаў А. А. Гродзенская архітэктурная школа // Проблемы славянской археологии / Труды VI Международного Конгресса славянской археологии. М., 1997. Т. 1. С. 327-333.
(12) Шчакаціхін М. Фрэскі Полацкага Барысаглебскага манастыра // Наш край. 1925. № 1. С.18-27.
(13) Пуцко В. Аб іконе Багамацеры Эфескай у старажытным Полацку // Полацак. 1991. № 8. С. 16-20; яго ж. Печать преподобной Евфросинии Полоцкой // Беларусь у сістэме еўрапейскіх культурных сувязяў / Гістарычна-археалагічны зборнік. Мн., 1997. № 11. С. 105-110.
(14) Гуревич Ф. Д. Византийский импорт в городах Западной Руси в ХІІ-ХІІІ вв. // Византийский временник. 1986. Т. 47. С. 65-81.
(15) Пуцко В. Г. Художественное ремесло Полоцкой земли (находки, явления, нерешенные проблемы) // Гістарычна-археалагічны зборнік. Мн., 1997. № 12. С. 195-206.
(16) Пуцко В. Г. Византийские мастера в ХІІІ в. на Руси // Byzantinorussica. 1994. № 1. С. 83-89; яго ж. Константинополь и киевская пластика на рубеже ХІІ-ХІІІ вв. // Byzantinoslavica. 1996. Т. 57. С. 376-390; яго ж. Художественное ремесло Киева начала ХІІІ в. (по данным археологических находок) // Проблемы славянской археологии. С. 315-326.
(17) Алексеев Л. В. Мелкое художественное литье из некоторых западнорусских земель (кресты и иконки Белоруссии) // Советская археология. 1974. № 3. С. 204-219.
(18) Пуцко В. Київський енколпіон - Куп’ятицька ікона Богородиці // Людина і світ. 1996. № 1-2. С. 21-24.
(19) Ткачоў М. А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі ХІІІ-ХVІІІ стст. Мн., 1978; Яго ж. Замкі і людзі. Мн., 1991.
(20) Трусов О. А. Памятники монументального зодчества Белоруссии XI-XVII вв. Минск, 1988. С. 50-53.
(21) Пуцко В. Візантійсько-київська спадщина в культурному розвитку Великого князівства Литовського // Наш радавод. Гродна, 1996. Кн. 7. С. 195-198; яго ж. Сакральное искусство Беларуси ХV-ХVI вв. и европейские художественные стили. // Русь - Литва - Беларусь: Проблемы национального самосознания в историографии и культурологии. М., 1977. С. 73-81.
(22) Якімовіч Ю. А. Драўлянае дойлідства беларускага Палесся ХVІІ-ХІХ стст. Мн., 1978. С. 82-136.
(23) Иоаннисян О. М. Деревянные храмы домонгольской Руси // Успенская церковь в Кондопоге. Кондопога; СПб., 1994-1996. С. 4-46.
(24) Алексеев Л. В. Проблема становления культово-оборонного зодчества Руси в свете раскопок в Мстиславле // Российская археология. 1993. № 4. С. 217-237.